Блог

Чаму спецыялісты-гуманітарыі могуць змяніць індустрыю камунікацый?

У апошнія гады вядучыя сусветныя карпарацыі і PR-агенцтвы абазначылі сваёй стратэгічнай задачай актыўнае прыцягненне да працы спецыялістаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук (такіх як філасофія, сацыялогія, псіхалогія і культурная антрапалогія). Гэтая тэндэнцыя выклікае здзіўленне, а часта нават непаразуменне з боку прадстаўнікоў беларускіх карпарацый. Мы паспрабуем патлумачыць, чым спецыялісты-гуманітарыі адметныя і чаму яны паступова займаюць дамінуючыя пазіцыі ў сучасным інавацыйным і кансалтынгавым бізнесе.

Лекцыя Дэймана Хоравіца
«Кідайце працу ў галіне тэхналогій, атрымоўвайце доктарскую ступень у гуманітарных навуках»

Пачнем з асноўных характарыстык, якія, на думку заходніх працадаўцаў, вылучаюць спецыялістаў-гуманітарыяў:

  • уменне аналізаваць і аргументаваць;

  • здольнасць выяўляць разыходжанні ў поглядах і знаходзіць супольную мову;

  • уменне гаварыць і пісаць зразумела і пераканаўча;

  • здольнасць глядзець на праблемы з розных бакоў, генерыраваць ідэі і прыдумваць нестандартныя шляхі рашэння;

  • уменне прагназаваць трэнды і аналізаваць як лакальны, так і глабальны культурны асяродак.

Сапраўды, здольнасць дакладна і творча мысліць, як і здольнасць вырашаць праблемы ў любой прафесійнай галіне – аснова прафесійнага поспеху і асабістага задавальнення. Аднак такія здольнасці могуць развіваць і іншыя дысцыпліны, у першую чаргу, матэматычнага профілю. У чым жа ўнікальнасць якаснай гуманітарнай адукацыі? Гуманітарыі выгадна вылучаюцца больш глыбокімі ведамі і пазнаннямі чалавека, грамадства і культуры – тых сфераў, на якія накіраваны і дзе адбываюцца бізнес-інавацыі і любая паспяховая камунікацыя.

Вывучэнне гуманітарных і сацыяльных навук не толькі паляпшае разуменне розных культур і сацыяльных груп, але і спрыяе развіццю светаўспрымання, адкрытага да разнастайных спосабаў глядзець на рэчы, разумець спосабы функцыянавання ўсяго спектру з'яваў чалавечага свету, кідаць выглік догмам і састарэлым уяўленням пра «нармальнасць» і «натуральнасць» праз праяўленне чалавечага досведу, сур'ёзных і ўдумлівых адносінаў да яго.

Сацыяльнае жыццё чалавека – адна з самых складаных з'яў. Сацыяльныя сітуацыі, перакананні і практыкі часта вельмі заблытаныя і шматгранныя. Такія дысцпліны, як філасофія і культурная антрапалогія, даюць магчымасць асэнсаваць і зразумець гэтую складанасць, не зводзячы яе да спрошчаных мадэляў тлумачэння.

Google шукае спецыялістаў у галіне гуманітарных навук

Кампетэнтнасць гуманітарыяў не абмяжоўваецца пытаннямі агульнага разумення, яна з лёгкасцю распаўсюджваецца на канкрэтныя практычныя пытанні. Напрыклад, у нядаўнім рэзанансным даследаванні, якое аналізавала карыстальнікаў Canon і Nikon і іх неверагодную лаяльнасць да марак, Мэры Ноймаер прыходзіць да высновы, што тэхнічнае і кіраўніцкае мысленне не здольнае зразумець фармаванне сапраўдных племянных супольнасцяў, якія ўтвараюцца вакол таго ці іншага прадукта. Толькі ўдумлівы і ўважлівы сацыя-гуманітарны аналіз падобных сувязяў, а таксама механізмаў, з дапамогай якіх кліенты надаюць сэнс свайму жыццю, можа дазволіць кампаніям наладжваць з імі больш дакладную і асабістую камунікацыю.

Разуменне практык і матывацый спажыўцоў – іншая істотная характарыстыка гуманітарных спецыялістаў. Па словах легендарнага кансультанта Ларса Пернера, «разуменне паводзінаў спажыўцоў грае вырашальную ролю ў пабудове грамадскіх адносінаў». Толькі ведаючы, як кліенты выкарыстоўваюць прадукты і які ўплыў гэтыя прадукты аказваюць на іх жыццё, кампаніі могуць эфектыўна наладжваць сувязі з грамадскасцю і маркетынгавыя камунікацыі.

The Atlantic: Міфы пра менеджмент

Гуманітарныя спецыялісты забяспечваюць неабходнае разуменне культурных установак грамадскіх супольнасцяў. Не ведаючы каштоўнасцяў і прынцыпаў суполкі, з якой кампанія спрабуе наладзіць камунікацыю, немагчыма разлічваць на паспяховы бізнес. Уменне працаваць з сэнсамі, разуменне сацыя-культурных адносінаў, мадэляў паводзінаў і ўспрыняцця дазваляюць гуманітарыям з лёгкасцю генерыраваць новыя значэнні і прыдумваць кантэксты і гісторыі, змяняць схемы ўспрыняцця, а значыць, забяспечваць паспяховую камунікацыйную і інавацыйную дзейнасць кампаній і арганізацый.